ЧА́ШНІЦКІЯ БАІ́ 1943 Адбыліся паміж партызанамі і ням.-фаш. гарнізонам

(каля 300 чал.) у г. Чашнікі 19—22 студз. і 19—21 кастр. ў Вял. Айч. вайну. 19 студз. 3 атрады (320 чал.) Чашніцкай партыз. брыгады «Дубава» блакіравалі гарнізон і на працягу 3 дзён вялі па ім гарматны агонь. Каб затрымаць падмацаванне гарнізону, што рухалася з в. Бачэйкава Бешанковіцкага р-на, 22 студз. партызаны ўзарвалі мост цераз р. Ула і распачалі бой. Аднак з-за перавагі сіл праціўніка з наступленнем цемнаты атрады адышлі ў размяшчэнне брыгады. Бой у кастр. — састаўная частка Лепельскай аперацыі 1943. У ноч на 20 кастр. 3 батальёны Смаленскага партыз. палка атакавалі гарнізон (каля 700 чал.) і выцеснілі праціўніка з займаемых пазіцый. Аднак ён, замацаваўшыся ў цагляных будынках касцёла, школы, дома культуры, бальніцы, арганізаваў 4 контратакі, якія былі адбіты партызанамі. Бой працягваўся больш за суткі, пакуль з г. Сянно да гітлераўцаў не падышло падмацаванне. Партызаны пад прыкрыццем дымавой заслоны адышлі. У г. Чашнікі на брацкай магіле партызан (27 чал.),

што загінулі ў Ч.б., пастаўлены помнік.

М.​Ф.​Шумейка.

т. 17, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)